Азярычынскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — базавая школа
Азярычынскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — базавая школа | |
---|---|
Заснавана | 1875 |
Тып | школа |
Сайт | ozerichschool.of.by |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Азярычынскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — базавая школа» — установа сярэдняй адукацыі ў в. Азярычына Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Азярычынскія дзеці пачалі вучыцца ў 1875 годзе. У кастрычніку 1875 года працаваў Максім Разумаў, які меў педагагічную адукацыю, навучаліся 24 хлопчыкі.
У 1877 годзе, па рашэнню земства пабудавалі невялікае памяшканне, якое было перададзена пад школу. Памяшканне знаходзілася ў цяперашняй вёсцы Ленінск (ранейшая назва Астраўкі). З 1907 года школа называлася народным вучылішчам. У 1911 годзе настаўнікам, і выкладчыкам Закона Божага працаваў Язэп Багушэвіч, які закончыў Маладзечанскую духоўную семінарыю.
Пры Азярычынскай школе была невялікая бібліятэка, у якой знаходзілася некалькі экзэмпляраў розных твораў педагагічнага, рэлігійнага і гістарычнага зместу.
У 1911 годзе ў школе вучыліся 74 вучня, з іх — 59 хлопчыкаў і 15 дзяўчынак. У 1912 годзе пачалося будаўніцтва новага будынка школы і працягвалася 2 гады. У 1914 годзе новы будынак быў здадзены ў эксплуатацыю. У 1925 годзе школа была трохкамлектная з беларускай мовай навучання. У 1926 годзе школа стала чатырохкамплектнай. З 1925 да 1940, а затым з 1944 да 1945 года дырэктарам быў Рыгор Шэлег, ураджэнец вёскі Азярычына.
У сувязі з адкрыццём 1927 годзе школы ў Шалягах, Дубраўцы, Кухараўцы і Вераб’ёўцы, Азярычынская школа становіцца двухкамплектнай. У 1934 годзе школа ператворана ў няпоўную сярэднюю, працавала толькі шэсць класаў. Вучні сёмага класа хадзілі у Дудзічы ці Вузляны.
У 1938 годзе адбыўся першы выпуск Азярычынскай няпоўнай сярэдняй школы. Сямігадовую адукацыю атрымаў 21 чалавек.
У 1934—1941 гадах Азярычынскую сямігадовую школу закончыла 140 чалавек. Настаўнікамі тады працавалі Язэп Багушэвіч, муж і жонка Восіп і Ганна Яскульдовічы, сёстры Марыя і Ганна Адзярэйкі, Леакадзія Дарашкевіч, Сцяпан Палачанін, Марыя Зялёнка, Мікалай Грыбоўскі, Зінаіда Цюхай, Сяргей Пісарчык, муж і жонка Рыгор Шэлег і Лідзія Рабцэвіч.
У гады вайны галоўны будынак школы, пабудаваны яшчэ ў 1914 годзе, быў разбураны.
У 1952 годзе, дзякуючы дырэктару школы Пётру Пракаповічу, асноўнае памяшканне школы было ўзноўлена.
У 1954 годзе школа стала сярэдняй, ў школе былі адкрыты восьмы і дзявяты класы. У 1956 годзе адбыўся першы выпуск. Сярэднюю адукацыю атрымала 36 чалавек.
Восенню 1973 года ў праграму будаўніцтва школ Мінскай вобласці было ўнесена і будаўніцтва новай школы ў Азярычыне. Будоўля пачалася ў студзені 1974 года і працягвалася дзесяць месяцаў. Школа будавалася паводле праекту як тыпавая васьмігадовая на 320 месцаў, з 8 класнымі пакоямі і двума кабінетамі — фізікі і хіміі.
3 2004 школа мае назву « Азярычынская дзяржаўная агульнаадукацыйная дзіцячы сад-базавая школа» .
З 2011 года — Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Азярычынскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа».
У 2013 годзе школа стала называцца Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Азярычынскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа» [1].
Азярычынскую школу наведваюць вучні з Вераб’ёўкі, Таварскіх, Кухараўкі, Ленінска, Узлян.
Вядомыя выпускнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Зміцер Санько — беларускі біёлаг, мовазнавец, выдавец, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны[2].
Дырэктары школы
[правіць | правіць зыходнік]- Рыгор Шэлег (1925—1940, 1944—1945),
- Пётр Пракаповіч,
- Людміла Леанідаўна Бялевіч (з 2013).
Зноскі
- ↑ http://ozerichschool.of.by/gistoryya-shkoly/(недаступная спасылка)
- ↑ http://www.gorka.by/?p=50563